Гісторыя бібліятэкі
Па ўспамінах мясцовых жыхароў пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939-м годзе ў вёсцы Акунінава закрылі царкву і зрабілі ў ёй клуб. Ці была там чытальня звесткі адсутнічаюць.
Пасля вайны вёска аднаўлялася і клуб размясціўся ў адной з хат, а ў адным з пакояў была і чытальня. З цягам часу, набыццём кніг яна ператварылася ў бібліятэку.
У 1955 годзе пачалося будаўніцтва клуба ў вёсцы Пляшкі (Партызанаўка). Старшынёй калгаса тада быў Васіль Аляксандравіч Казакоў. Клуб будавалі з дрэва, хацелі, каб быў ён цёплы і вялікі. В.А. Казакоў дагаворваўся з ляснічым, а ноччу трактарысты на свой страх і рызыку тралявалі лес, а попрасту кралі яго, бо не было ніякіх дакументаў. Каб аформіць усё і аплаціць за лес у калгасе ў той час не было сродкаў. Аднак, ніхто з трактарыстаў не адмовіўся ад начной работы і ўжо ў 1957 годзе клуб быў пабудаваны. У адным з пакояў размясцілася бібліятэка. У 1970-е гады да бібліятэкі прыбудавалі яшчэ адзін вялікі пакой.
У Акунінаўскай сельскай бібліятэцы працавалі: Шубаба Ларыса, Хомчык Іван Васілевіч, Касперовіч Марыя, Пугаўка Таццяна. У 1982 годзе Акунінаўскую сельскую бібліятэку прыняла бібліятэкар Ала Аляксандраўна Канановіч. У 1983 годзе бібліятэка была перайменаваная ў Партызанаўскую сельскую бібліятэку.
У зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзілі 8 населеных пунктаў – вёскі Партызанаўка, Акунінава, Коласава, Баравікі, Вяценеўка, Сяркі, Прадзелкі, Заводны Лес. На той час фонд бібліятэкі складаў 8220 экз. кніг і перыядычных выданняў, колькасць чытачоў – 520, кнігавыдача – 11600 экз. У летні перыяд бібліятэка абслугоўвала дзяцей з лагеру працы і адпачынку, які размяшчаўся ў вёсцы Партызанаўка.
Асноўны накірунак работы бібліятэкі – краязнаўчы. Вядзецца работа па збору краязнаўчых матэрыялаў, у выніку якой у бібліятэцы аформлены альбомы “Вёска мая – я часцінка твая” і “Мая зямля – мой лёс”. У альбомах сабраны фотаздымкі, успаміны старажылаў аб жыцці вёсак і гаспадаркі, а таксама навіны. У мінулым вёскі зоны абслугоўвання – гэта гераічны, партызанскі край, і сёння ў бібліятэцы аформлены буклеты, якія расказваюць пра падзеі тых часоў – “Як сведкі славы стаяць абеліскі”, “Памяць, якой не будзе забыцця. Успаміны дзяцей вайны”, “А.С. Серы – камандзір партызанскага атрада імя Ф. Э. Дзяржынскага”, “Хатыні зямлі Слонімскай. Вёска Акунінава”, “Хатыні зямлі Слонімскай. Вёска Заводны Лес”, “Хатыні зямлі Слонімскай. Вёска Баравікі”.
У 2010 годзе бібліятэка прыняла ўдзел у абласным конкурсе электронных прэзентацый, прысвечаным 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне “ У нашых сэрцах – памяць…” па тэме: “Хатыні зямлі беларускай…” (Акупацыйны перыяд на тэрыторыі Новадзевяткавіцкага сельскага Савета ў гады Вялікай Айчыннай вайны).
Бібліятэка штогод прымае ўдзел у мерапрыемствах да Дня Перамогі. Праводзяцца як завочныя падарожжы, так і велапрабегі, і экскурсіі па месцах баявой славы.
З 2008 года ў бібліятэцы пачынае працаваць аматарскае аб’яднанне для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Казка кліча Вас у госці”, дзе праходзілі вясёлыя сустрэчы маленькіх чытачоў з героямі казак.
У 2019 годзе ў бібліятэцы пачало працаваць аматарскае аб’яднанне “Субяседнік” для пажылой катэгорыі чытачоў.
Бібліятэка мае выхад у Інтэрнэт. Ёсць нарматыўна-прававая база “Эталон-WIN”.