14:28 Да 79-ай гадавіны трагедыі вёсак Акунінава і Баравікі | |
Да 79-ай гадавіны трагедыі вёсак Акунінава і Баравікі ў бібліятэцы прайшоў урок памяці “Я з вогненнай вёскі”. Бібліятэкар нагадала юным чытачам, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны больш за 44 тысячы мірных жыхароў Слонімскага раёна былі спалены жывымі, расстраляны, закатаваны. Знішчана 31 вёска раёна. Жудасны лёс напаткаў жыхароў вёскі Акунінава. 25 снежня 1942 года, ў час карнай аперацыі “Гамбург”, карнікі спалілі 111 двароў, закатавалі 299 чалавек. Пасля расправы з трохстот пятнаццаці чалавек, якія ляжалі нерухома, ўстала 16. У гэты ж дзень, 25 снежня 1942 года, нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі 84 жыхары вёскі Баравікі, спалілі 40 двароў. Затым бібліятэкар зачытала з кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі” ўспамін сведкі той трагедыі жыхара вёскі Акунінава Івана Ігнатавіча Рубца. Юная чытачка Колчына Карына зачытала ўспамін жыхаркі вёскі Баравікі Кулак Марыі Рыгораўны, якой пашанцавала выжыўь пасля фашысцкай расправы над жыхарамі вёскі.
Міскевіч Уладзіслава зачытала кароткія ўспаміны аб той страшнай трагедыі Ніны Фёдараўны Куліны, Аляксандра Падрэцкага, Зінаіды Савіцкай, якія змешчаны ў брашуры “Трагедыя Акунінава”, складзенай чытачом Максімам Быцко з запісаных раней успамінаў выжыўшых пасля растрэлу жыхароў. У канцы урока памяці бібліятэкар зачытала верш Алены Руцкай “Ля брацкай магілы” і пазнаёміла з брашурамі і буклетамі, якія складзены папярэднім бібліятэкарам Канановіч Алай Аляксандраўнай і знаходзяцца ў фондзе бібліятэкі: “Гэта памяць не згасне ў народзе”, “Памяць, якой не будзе забыцця”, “Як сведкі славы стаяць абеліскі”, “Хатыні зямлі слонімскай”. | |
|
Усяго каментарыеў: 0 | |