16:55
"Калі ёсць сям'я, значыць шчаслівы я"

5

Сям’я… Гэта слова зразумела ўсім. З 1994 года па рашэнні Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 15 мая адзначаюць Міжнародны дзень сям’і. Якое прыгожае слова – сям’я! Як грэе яно душу, напамінаючы пра ласкавы голас матулі і клапатлівую строгасць бацькі, пра замілаваны погляд бабулі і задуменную маўклівасць дзядулі. Вельмі важна, каб у кожнага чалавека - і вялікага і маленькага – у жыцці былі такія дзверы, у якія можна было б пастукацца ў любы час. І гэтыя запаветныя дзверы знаходзяцца ў доме, дзе жыве родная сям’я, якая прыме і ў радасці, і дні смутку.

Шанаваць бацькоў – гэта значыць: у дзяцінстве іх слухаць, у маладосці з імі раіцца, а ў дарослым узросце пра іх клапаціцца. Калі гэты запавет выконваеца, то можна сказаць, што зярняткі любові ў сям’і былі пасеены не дарма, а далі мажныя ўзыходы і спелыя плады.

Павага да старэйшых – аснова чалавечай культуры. У народзе кажуць: “Як ты ставішся да бацькоў, так і твае дзеці будуць ставіцца да цябе”.

1

6

Міжнароднаму дню сям’і была прысвечана пазнавальна-забаўляльная праграма “Калі ёсць сям’я, значыць шчаслівы я”, якая прайшла ў бібліятэцы 15 мая. Бібліятэкар расказала юным чытачам пра ўзнікненне свята, пра значэнне сям’і ў жыцці чалавека. Дзеці чыталі вершы Міколы Лешчуна “Я слаўлю маму”, Яўгеніі Янішчыц “Сынок і маці”, Рыгора Барадуліна “Радня — працяг твайго зямнога дня...”. Пасля дзеці складалі з частак прыказкі пра сям’ю, працягвалі прыказкі, разгадалі рэбус “Радня”.

5

У канцы сустрэчы бібліятэкар прачытала верш Таццяны Дзям'янавай “Каб было ў цябе шчасця багата” і верш-запавет “Пакуль жывуць яшчэ бацькі” Анатоля Грачанікава. Калі ласка, пачытайце іх і вы, нашы шаноўныя чытачы і госці нашага блога.

Пакуль жывуць яшчэ бацькі

Пакуль жывуць яшчэ бацькі,

заўсёды знойдзеш ты прытулак.

Яны - твой тыл і паратунак,

пакуль жывуць яшчэ бацькі.

Для іх заўсёды ты – дзіця.

Яны суцешаць і ўратуюць.

І на сувой твайго жыцця

свайго жыцця не пашкадуюць.

І там, за далеччу гадоў,

дзе ім не быць з табою разам,

Святая іхняя любоў асветліць

шлях твой ясна часам…

І трэба, мабыць, гэтак жыць,

шануючы сваю Айчыну.

Каб мог і сын твой паўтарыць

свайму ў будучыні сыну:

“Пакуль жывуць яшчэ бацькі,

заўсёды знойдзеш ты прытулак.

Яны - твой тыл і паратунак,

пакуль жывуць яшчэ бацькі”.

Анатоль Грачанікаў

Каб было ў цябе шчасця багата

Каб было ў цябе шчасця багата
І не скрабліся кошкі ў душы,
Карані свае – маці і тату –
Нібы вока сваё, беражы.

Атуляй іх любоўю, пяшчотай,
Аблягчай ім штодзённа жыццё,
І шануй іх, і памятай, што ты
Абавязаны родным за ўсё.

За тваё ў гэтым свеце з'яўленне,
Немаўляцтва, дзяцінства без хмар,
За юнацтва, пару станаўлення...
О, няспыннасць бацькоўскіх ахвяр!

За ўтрыманне жыццёвага ладу –
Каб дзіцяці жылося лягчэй,
За падтрымку ва ўсім, і парады,
І надзейнасць іх рук і плячэй.

Кім без іх, дарагіх, мы былі б?
Без бацькоў, мабыць, свет бы зачах.
Нібы хлеба надзённага скібы
Іх усмешкі і сонца ў вачах.

Як сцвярджаюць і Богі, і людзі, –
Шанаваннем бацькоў ахіні –
І табе на зямлі добра будзе,
І твае падоўжацца дні.

Таццяна Дзям'янава

3

Катэгорыя: Навіны | Праглядаў: 587 | Дабавіў: partizanlib | Теги: 15 мая - Міжнародны дзень сям'і | Рэйтынг: 5.0/1
Усяго каментарыеў: 0
avatar