19:40
Да 76-ай гадавіны Вялікай Перамогі

"Нямыя сведкі тых пакут людскіх…"

Кожны чалавек любіць свой кут па-свойму, аднак любоў да Радзімы будзе яшчэ мацней, калі ведаць яе гісторыю.
Наша малая радзіма –  вёска Партызанаўка.
Вакол яе туляцца яшчэ 6 вёсачак: Акунінава, Баравікі, Вяценеўка, Заводны Лес, Коласава і Сяркі. А яшчэ ў кожнай з іх помнікі і беліскі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У цэнтры вёскі Акунінава як сімвал перамогі над фашыстамі ўзвышаецца скульптура воіна-вызваліцеля. Далей, амаль напрыканцы вёскі, знаходзіцца мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму. Тут пахаваны 299 мірных жыхароў вёскі Акунінава, якіх знішчылі пад час фашысцкай карнай аперацыі “Гамбург” 25 снежня 1942 года, а вёску спалілі.
За вёскай, на могілках, узвышаецца абеліск  загінуўшым у баях з фашыстамі ў 1942 – 1944 гадах.  Тут  пахаваны 77 воінаў і партызанаў. Сярод іх 41 партызан і 10 воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі 29 лютага 1944 года ў баях па разгрому апорных пунктаў праціўніка і паліцэйскіх гарнізонаў у вёсцы Пляшкі (цяпер Партызанаўка). Пасля вайны  тут жа былі перазахаваны 7 савецкіх танкістаў і 6 партызанаў. На могілках знаходзіцца магіла камандзіра партызанскага атрада імя Фелікса Дзяржынскага Аляксея Сцяпанавіча Серага і іншых партызанаў, якім пашчасціла  дажыць да Перамогі і пайшлі з жыцця пасля Вялікай Айчыннай вайны.  
25 снежня 1942 пасля расправы над жыхарамі вёскі Акунінава карнікі  расстралялі яшчэ 84 жыхары вёскі Баравікі, спалілі 40 двароў. Магіла ахвяр фашызму знаходзіцца ў цэнтры вёскі. У 1965 годзе на магіле пастаўлены абеліск. За вёскай, на могілках, знаходзіцца брацкая магіла  19 мірных жыхароў, загінуўшых ад рук фашысцкіх катаў і магіла, расстралянай за сувязь з партызанамі сям’і Ефімчык.
Вёска Сяркі прыняла на сябе першы ў гэтай мясцовасці карны налёт 21 верасня 1942 года. 27 жыхароў вёскі Сяркі былі расстраляны і спалены. Дарослых спалілі зажыва, а дзетак расстралялі за агародамі. Аднавяскоўцы пахавалі дзетак на вясковых могілках,  высыпаўшы на іх некалькі жменек попелу, які застаўся ад іх бацькоў.
Пасля вайны пастаўлены помнік расстралянай сям’і Сахонь.
За вёскай Заводны Лес, на ўзлессі, знаходзіцца магіла зажыва спаленых і расстраляных жыхароў вёскі. Страшная трагедыя адбылася тут 22 верасня 1942 года. Усяго тут пакоіцца 178 загінуўшых, сярод якіх 35 партызанаў брыгады імя Ракасоўскага. У 1967 годзе на магіле пастаўлены абеліск.
23 верасня 1942 года фашысты расстралялі 17 мірных жыхароў вёсак Вяценеўка і Баравікі. Іх трупы фашысты кінулі ў стары калодзеж ва ўрочышчы Ліпнікі. Сярод забітых быў доктар Васіль Пятровіч Хомчык з сям’ёй: жонка і пяцёра дзяцей, а таксама жонка і сын савецкага афіцэра, прозвішча якога засталося невядомым. Мясцовыя жыхары  называюць гэта месца “доктарава магіла”. На ім узвышаецца абеліск.
На могілках у вёсцы Коласава знаходзіцца брацкая магіла 12 загінуўшым . Сярод іх камандзір спецгрупы № 25 Алег Паўлавіч Церашкоў і яго падначаленыя, якія збіралі разам з ім звесткі аб праціўніку. Тут жа пахаваны першы з нашай мясцовасці партызан Рыла Аляксандр Васільевіч і яго сям’я: жонка Марыя і трое дзяцей.
Помнікі  і абеліскі… Да іх ніколі не зарастуць народныя сцежкі.

 

 

 

Катэгорыя: Навіны | Праглядаў: 272 | Дабавіў: partizanlib | Рэйтынг: 5.0/1
Усяго каментарыеў: 0
avatar