16:06
Цікава! Дакумент з мінулага

Тры каменныя молаты часоў позняга неаліту знайшлі ў Слонімскім павеце, пісала польскамоўная газета Slovo ў 1939 годзе. Як адзначала выданне, гэты факт цікавы тым, што на слонімскіх землях артэфактаў часоў неаліту яшчэ не знаходзілі.

cms-image-000043685-1

Тры баявыя молаты з адтулінамі былі знойдзены на землях Дзявяткавіцкай гміны Слонімскага павету, ва ўрочышчы Заводны Лес, падчас карчавання пнёў. Знаходкай зацікавіўся мясцовы ксёндз Дзям’ян, куратар музея Слонімскага польскага краязнаўчага таварыства палкоўніка Стаброўскага. Пасля даследавання мясцовасці высветлілася, што зямля не выкарыстоўвалася з часоў неаліту, бо была забалочанай.

Два адшуканыя молаты былі, відавочна, прывезены з іншых мясцін, бо зроблены з каменю, які не сустракаецца на Слонімшчыне. Трэці молат, з дробназярністага граніту, несіметрычны, верагодней за ўсё, быў выраблены на месцы. Характэрным з’яўляецца тое, што на Слонімшчыне да гэтага часу не знаходзілі рэшткаў неаліту, і зямля тая можа даць нямала старажытных знаходак, пісала газета Slovo.

Карэспандэнт “ГС” пацікавілася лёсам артэфактаў, знойдзеных 75 гадоў таму, і звярнулася ў Слонімскі краязнаўчы музей імя І. Стаброўскага. У музеі прадстаўлена экспазіцыя знаходак часоў неаліту, у тым ліку сякеры з адтулінамі. Дзве з сякерак, паверхня якіх больш адшліфаваная, можна аднесці да часоў позняга неаліту, засведчылі ў музеі. Трэцюю, больш шурпатую, вырабілі раней. Аднак сцвярджаць, што ў экспазіцыі прадстаўлены сякеры, знойдзеныя менавіта ва ўрочышчы Заводны Лес, сёння не ўяўляецца магчымым.

"Газета Слонімская". 4 лютага 2015 года

Катэгорыя: Навіны | Праглядаў: 476 | Дабавіў: partizanlib | Теги: неаліт, артэфакты, slovo, Заводны Лес | Рэйтынг: 5.0/1
Усяго каментарыеў: 0
avatar